СПІННАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ,
сіметрычныя парныя нервы, якія ўтвараюцца карэньчыкамі спіннога мозга. Выходзяць з міжпазваночных адтулін паміж дугамі пазванкоў, размяркоўваюцца па ўсім целе пазваночных жывёл і чалавека.
Кожны нерв мае 2 карэньчыкі — пярэдні (утрымлівае рухальныя нерв. валокны) і задні (утрымлівае адчувальныя нерв. валокны). Па выхадзе з міжпазваночных адтулін С.н. падзяляюцца на галіны: пярэднія і заднія, рэтраградныя абалонкавыя (да абалонак спіннога мозга) і белыя злучальныя (да сімпатычнага ствала). У чалавека 31 пара С.н.: 8 шыйных, 12 грудных, 5 паяснічных, 5 крыжавых, 1 пара хвастцовых. Пярэднія галіны С.н. і ўтвораныя імі шыйнае, плечавое, паяснічнае, крыжавое і хвастцовае спляценні інервуюць скуру, унутр. органы, шкілетныя мышцы цела; заднія — скуру патыліцы, спіны, мышцы задняй паверхні цела. Пашкоджанне С.н. разам з карэньчыкамі прыводзіць да радыкуліту, разам са спляценнем — да плексіту.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)